Беларуская Служба

Пагаршаецца сітуацыя з паводкай на поўдні Польшчы

15.09.2024 13:02
Ёсць першая смяротная ахвяра - у Клодзкім павеце патануў адзін чалавек.
Затоплены цэнтр горада Клодзка PAP/Maciej Kulczyński

Адзін чалавек патануў у Клодзкім павеце. Гэта першая пацверджаная смерць пасля абвяшчэння пагрозы разліаў на поўдні Польшчы. Найбольш складаная сітуацыя цяпер склалася ў раёне Клодзка ў Ніжняй Сілезіі і Глухалазаў у Апольскім краі.

Прэм'ер-міністр Дональд Туск абвясціў пра ўтапленне пасля пасяджэння крызіснага штаба і брыфінгу службаў у Клодзку. Кіраўнік урада таксама распавёў аб дапамозе, якая выдзяляецца Ніжнесілезскаму ваяводству. У Клодзка эвакуявалі 1600 чалавек. Прэм’ер-міністр папярэдзіў, што варта чакаць далейшай эвакуацыі.

Без святла застаюцца амаль 20 тысяч жыхароў. Частка горада затоплена ў выніку моцных ападкаў. Аднак найбольш складаная сітуацыя ў гміне Строне Сьлёнске. Зараз усе пад’язныя дарогі да гміны затопленыя, а жыхары адрэзаныя ад свету.

У Глухалазах вада перайшла праз валы насыпы і заліла, між іншым, на рынкавую плошчу. Абвешчаны тэрміновы заклік да эвакуацыі. Эвакуацыйны аўтобус стаіць каля скрыжавання са святлафорам. У горадзе няма электрычнасці, не працуюць стацыянарныя тэлефоны. Барацьба за мясцовы мост працягваецца. Службы ўмацоўваюць яго структуру, дадаючы каменныя блокі. Пры пашкоджанні моста вада пацячэ па насыпах. Гарадскія ўлады звяртаюцца з просьбай не набліжацца да моста ў Глухалазах.

На барацьбу з паводкай накіравана каля тысячы салдат. Яшчэ чатыры тысячы вайскоўцаў знаходзяцца ў гатоўнасці, частка з іх ужо аказвае дапамогу іншым службам і жыхарам падтопленых раёнаў. Віцэ-прэм’ер, міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш, які ўдзельнічаў у пасяджэнні крызіснага штабу ў Кракаве, паведаміў, што самая вялікая групоўка — каля сотні жаўнераў — дзейнічае ў раёне Легніцы. Вайскоўцы дапамагаюць, сярод іншага, эвакуіраваць жыхароў ды ўмацоўваюць набярэжныя.

Паводле звестак Інстытута метэаралогіі і воднай гаспадаркі, трывожныя ўзроўні на рэках па ўсёй краіне перавышаны ў 90 месцах. Найбольш моцныя ападкі цяпер фіксуюцца ў Сілезскім ваяводстве. Назіраецца таксама павелічэнне ўзроўню вады на рэках. Станцыя Брэнна ў Сілезскім ваяводстве фіксуе амаль 200 міліметраў ападкаў. Многія станцыі на поўдні ваяводства з ападкамі вышэй за 100 міліметраў. 

ПР/юл